Беларускія футбольныя фанаты не змогуць падтрымаць сваю зборную ў Босніі

110902 Zybliuk Bosnija.mp3

У звышважным матчы ў Босніі і Герцагавіне, які адбудзецца 6 верасня, футбольная зборная Беларусі застанецца фактычна без падтрымкі. Фанаты, якія збіраліся на Балканы,.. засталіся без віз.

“Наша Федэрацыя мусіла напісаць ліст ў Федэрацыю футбола Босніі, каб тыя напісалі ў пасольства ў Маскву. Ліст напісалі, і тое, тры тыдні мы чакалі ад гэтага. Здаецца, усё заварушылася, сказалі: “добра, дадзім візы”, – расказвае Зміцер, які збіраўся арганізаваць бас-тур.

Адзін з фанатаў ужо сабраў дакументы з 30 чалавек і прыехаў у Маскву з пашпартамі. Але ў баснійскай амбасадзе раптам высветлілася, што электроннага ліста ад беларускага МЗС замала, патрэбны арыгінал. У Мінску ж арыгінал фанатам не далі.

Каб даехаць на матч, адной баснійскай візы не хопіць. Патрэбны яшчэ і Шэнген. Акурат яго некаторыя фанаты зрабіць паспелі. Каб не марнаваць візу, некаторыя вырашылі з’ездзіць адпачыць у Еўропу, а заадно наведаць іншы матч – сустрэчу Чэхіі і Украіны ў Празе.

Зміцер лічыць, што без фанатаў на Балканах беларускім футбалістам будзе складана. З ім пагаджаецца і Віталь, які арганізоўваў паездку і складаў маршрут.

“Помню, якая была рэакцыя футбалістаў у Парыжы. Яны на наш сектар гатовыя былі заскочыць. Кісляк забівае гол насупраць нашага сектара, ён бяжыць да сектара, і на кратах гэтых вісіць. Ну патрэбна ім падтрымка!”

Віталь не выключае, што зрабіць з візамі нешта не так магла і турфірма, якая дапамагала ладзіць аўтобусную паездку. Але ўсё роўна здзіўляецца, чаму так пасіўна павяла сябе федэрацыя футбола, а фанаты засталіся без цікавага выезду.

“Гадзінамі сядзеў у інтэрнэце і складаў маршрут. І адно з патрабаванняў да турфміры было, што едзем менавіта па такім маршруце, а не па нейкіх гламурных месцах. Атрымлівалася Польшча (транзітам), Славакія, Венгрыя, Сербія, Боснія. Шмат чаго планавалі, але…”

З Беларускай федэрацыяй футбола кантактаваў Юрый. Хлопец кажа, што да іх просьбы з самага пачатку паставіліся фармальна і без асаблівай ініцыятывы.

“Адсылалі нейкія факсы, адпіскі. Гэта спынілася на два тыдні. Пасля мы вельмі шчыльна сталі прасіць іх, і начальнік міжнароднага ўпраўлення федэрацыі выйшаў на сувязь з баснійскім МЗС. Здавалася, што ўсё ідзе добра, але ў апошні момант не хапіла часу, каб канчаткова дамовіцца”.

Цікава, што ў міжнародным упраўленні Беларускай федэрацыі футбола Еўрарадыё распавялі, што яны заўзятарамі не займаюцца, і да іх увогуле ніхто не звяртаўся.

У чацвер фанаты наведалі адкрытую трэніроўку зборнай і паведамілі непрыемную навіну футбалістам.

“Распавялі футбалістам, што на выездзе падтрымкі не будзе, толькі тут зможам дапамагчы, футбалісты крыху расстроіліся. І мы таксама”, – кажа Юрый і дадае, што фанаты абавязкова патрапяць 7 кастрычніка на выязны матч у Румынію. Туды ўжо збіраецца шмат людзей. Да таго ж і румынская амбасада ў Мінску ёсць, і шмат якія турфірмы гатовыя дапамагчы.

Сёння ж фанаты зробяць усё, што ад іх залежыць. Абяцаюць перфоманс і максімальную галасавую падтрымку. І спадзяюцца, што матч з румынамі будзе такім жа вырашальным і значным, як і супрацьстаянне з баснійцамі.

Фота: b-12.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі