Грушавы: Генетычныя наступствы Чарнобыля з часам толькі павялічыліся

Еўрарадыё: Пасля катастрофы прайшло 27 гадоў, гэтай трагедыяй мы жылі першыя гады, а цяпер неяк забыліся пра яе. З якімі наступствамі катастрофы мы сутыкаемся сёння?

Генадзь Грушавы:  Вядома, 27 гадоў гэта вялікі час, тым не менш Чарнобыль гэта не тая катастрофа, якая праходзіць за гады. Калі навукоўцы ўпершыню сутыкнуліся з гэтай праблемай, яны казалі пра тое, што наступствы будуць адчувальныя яшчэ стагоддзе. Я б назваў тры самыя асноўныя праблемы, з якімі мы сёння сутыкнуліся: па-першае, гэта стан здароўя беларускага народа, ён пагаршаецца, статыстыка адлюстроўвае гэты працэс. Прычым гаворка ідзе не толькі пра анкалагічныя захворванні, але пра больш шырокі спектр. Бо радыяцыя ўплывае на пагаршэнне працы імуннай сістэмы. Найбольш небяспечная рэч — гэта стан здароўя дзяцей, другога, хутка будзе ўжо трэцяга пакалення, тых, хто падчас катастрофы знаходзіўся непасрэдна каля станцыі ці ў тых месцах, куды выпадалі радыяцыйныя ападкі. Ёсць некалькі клінік, я калісьці з імі супрацоўнічаў, і мы вялі статыстыку па захворваннях чарнобыльскіх дзяцей. Дык вось, яны ў разы болей хварэлі, чым іншыя дзеці, самымі рознымі захворваннямі. На жаль, сёння гэтая інфармацыя зноў засакрэчаная. І цяпер гэта асноўная праблема — адсутнасць інфармацыі па стане здароўя насельніцтва.

Еўрарадыё: Ці праз 27 гадоў змяніўся ўплыў радыяцыі? Можа, ён паменшыўся?

Генадзь Грушавы: Калі мы гаворым пра генетычныя наступствы, то яны не могуць паменшыцца, тут трэба казаць пра павелічэнне. Але калі мы кажам пра людзей, якія жывуць на тэрыторыі, дзе кюры было па 5-10, то сапраўды цяпер узровень радыяцыі за апошнія гады знізіўся, але не знік. Гэта распад цэзію — 24 гады, але яшчэ ёсць стронцый, а ён распадаецца 90 гадоў, ёсць плутоній, а гэта 2000 гадоў распаду, ёсць яшчэ болей за 20 радыенуклідаў.

 

Еўрарадыё: У 2007 годзе адмянілі льготы чарнобыльцам, і ліквідатары таксама сёння ні капейкі не атрымліваюць. Дзяржава прадэманстравала гэтым, што праблемы для яе не існуе, і беларусам няма на каго спадзявацца. У такой сітуацыі як магчыма дапамагаць пацярпелым ад катастрофы? А пацярпелі, можна сказаць, мы ўсім грамадствам, бо працягваем жыць на забруджаных тэрыторыях.

Генадзь Грушавы: Сёння магчымасці дапамагаць пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС вельмі вузкія. Калі раней я займаўся дабрачыннымі праграмамі, мы мелі непасрэдны выхад на гэтых людзей. Мы мелі магчымасць атрымліваць аб’ектыўную інфармацыю аб стане здароўя, аб іх праблемах на рэгіянальным узроўні: у тых мястэчках і вёсках, дзе яны жывуць. Апошнія 10 гадоў мы не можам ні атрымаць інфармацыю, ні нешта зрабіць для людзей: нас туды проста не пускаюць. 

Еўрарадыё: Калі няма ніякай дзяржаўнай палітыкі, можа, варта распрацаваць нейкую грамадскую палітыку ці шэраг грамадскіх кампаній?

Генадзь Грушавы: Вельмі цяжка зарыентавацца, дзе патрэбная дапамога, да якіх канкрэтна людзей трэба дайсці. Першае, што мы рабілі ў 1988 — 1989 гадах, калі мы распачыналі дзейнасць, гэта атрыманне аб’ектыўнай інфармацыі. Цяпер мы сутыкаемся з тым жа, трэба шукаць шляхі для атрымання аб’ектыўнай інфармацыі, інакш адбудаваць наноў сістэму дапамогі грамадству не атрымаецца.

Еўрарадыё: Мы працягваем харчавацца забруджанымі прадуктамі, тэрыторыі ў Гомельскай вобласці выкарыстоўваюцца падворныя землі. Ці можна гэтаму неяк супрацьстаяць?

Генадзь Грушавы: Супрацьстаяць гэтаму магчыма, калі валодаеш інфармацыяй. Сёння насельніцтва не атрымлівае такіх аб’ектыўных звестак па стане забруджанасці і падворных зямель, і прадуктаў. Улада вядзе такую палітыку, згодна з якой беларусы не жывуць, а існуюць, і не задаюцца пытаннем пра забруджанасць тэрыторый і пра забруджанасць прадуктаў, якія спажываюць. Гэта палітыка працягваецца з савецкіх часоў, каб народ менш задаваў пытанняў уладзе. І, канечне, пытанне Чарнобыля — вострае пытанне, якое ўладзе замінае.

Еўрарадыё: Ці выязджаюць цяпер дзеці на аздараўленне па чарнобыльскіх праграмах?

Генадзь Грушавы: Выязджаюць дзеці на аздараўленне за мяжу, але не так масава, як калісьці. Калі на пачатку 90-х гг. мы казалі пра дзясяткі тысяч (40-50 тыс. дзяцей у год), то цяпер ў лепшым выпадку кажам пра сотні. Бо з 1997 года ўлада толькі і рабіла, што стварала розныя перашкоды для такой дзейнасці. Каб гэтая дзейнасць не толькі была пад кантролем дзяржавы, але і цалкам залежала ад яе. Калі грамадскія арганізацыі спрабуюць казаць праўду аб пагрозе радыяцыі, калі яны тлумачаць людзям, дзе дзяржава не дапрацоўвае, то тады дзейнасць недзяржаўных арганізацый дзяржавай нівелюецца. Як у такіх умовах спалучыць грамадскую актыўнасць і эфектыўныя праграмы, якія весці без дзяржавы фактычна немагчыма?

Спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі