Як падрыхтавацца да ЦТ за месяц і не звар'яцець. Парады педагога і псіхолага

Засталося зусім крыху

Засталося зусім крыху / unsplash.com

Да цэнтралізаванага тэставання ў Беларусі засталося менш за месяц. А гэта значыць, што для настаўнікаў, 11-класнікаў і іх бацькоў наступіў самы гарачы час. І тут важна не толькі сабрацца і прыкласці ўсе намаганні, каб прайсці выпрабаванне, але і пастарацца пры гэтым захаваць псіхіку падлетка.

Ці можна падрыхтавацца да ЦТ за месяц і не звар'яцець? Чаму не варта пастаянна нагадваць школьніку пра навучанне і як матываваць яго займацца, калі ён стаміўся ці не хоча? А што трэба рабіць, калі ваша дзіця, наадварот, нон-стопам зубрыць, але пры гэтым нічога не запамінае?

Пра ўсё гэта Еўрарадыё паразмаўляла з дзіцячым і сямейным псіхолагам Вікторыяй, а таксама выкладчыкам матэматыкі Сяргеем Альшэўскім
 

Падрыхтавацца за месяц рэальна, але ёсць нюанс

Паводле выкладчыка матэматыкі Сяргея Альшэўскага, падрыхтавацца да ЦТ за месяц рэальна, але з агаворкамі. 

— Усё залежыць ад таго, як вы вучыліся ў школе, — кажа суразмоўца. — Калі вы сур'ёзна займаліся, ваша задача — асвяжыць у памяці ключавыя тэмы і разабрацца ў структуры тэставання. Калі ж школа была для вас часам адпачынку, задача ўскладняецца, але застаецца выканальнай да пэўнага ўзроўню. 
Сяргей сцвярджае, што пры наяўнасці толькі базавых ведаў і ўменняў можна паспяхова падрыхтавацца да ЦТ па матэматыцы за месяц і набраць на ім каля 50 балаў. 
Настаўнік правёў эксперымент: прапанаваў прайсці пробнае тэставанне на сайце РІКВ свайму вучню, які вучыцца ў чацвёртым класе. У выніку дзіця набрала... больш за 50 балаў.

Вундэркінд?

— Сучасныя экзамены па матэматыцы і методыка іх ацэнкі выклікаюць крытыку, — тлумачыць настаўнік. — Так што асновы — дробы, ступені, ураўненні, геаметрычныя тэрміны — могуць забяспечыць вам добры вынік. Але калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку да складанага экзамену, то гэта як падрыхтоўка да аперацыі, якую мусіць правесці кардыяхірург, якога трэба падрыхтаваць за месяц. Хацелі б вы, каб вашаму блізкаму аперацыю праводзіў хірург, які вучыўся ўсяго месяц? 

Нягледзячы на магчымасць падрыхтавацца, каб "здаць", гэта малаэфектыўна і рызыкоўна, бо сапраўднае майстэрства патрабуе значна больш часу.
 

Месяц вучобы нон-стоп — простая дарога ў кабінет псіхатэрапеўта

Дзіцячы і сямейны псіхолаг Вікторыя сумняваецца ў тым, што можна эфектыўна падрыхтавацца да тэставання за месяц, калі школьнік не стараўся раней. Але нічога немагчымага няма. 

— Усё залежыць ад матывацыі, — кажа суразмоўніца. — Можна ўзяць сябе ў рукі і аддаваць вучобе ўвесь час, што застаўся, але якая цана такой падрыхтоўкі?
Да экзаменаў падлетак прыйдзе зусім знясіленым. 

Так, ён можа здаць ЦТ, паступіць ва ўніверсітэт, але праз нейкую колькасць гадоў, седзячы ў кабінеце ў псіхатэрапеўта, будзе ўспамінаць гэты досвед як вельмі цяжкі. Бясследна для псіхікі такое не праходзіць.

Как подготовиться к ЦТ за месяц и не сойти с ума. Советы педагога и психолога
На сеансе ў псіхатэрапеўта / unsplash.com

Бацькі, будзьце напагатове!

Цэнтралізаванае тэставанне — адно з першых сур'ёзных выпрабаванняў, з якімі сутыкаецца чалавек цягам жыцця.

У гутарцы з Еўрарадыё спецыялістка адказвае на самыя распаўсюджаныя пытанні бацькоў, якія хочуць падтрымаць сваіх дзяцей у гэты няпросты перыяд.

— Трэба рыхтавацца да тэставання, а дзіця сядзіць у тэлефоне. Што з ім?
— Мы жывём у няпросты час, і ўсё, што адбываецца вакол школьніка, так ці інакш уплывае на яго псіхіку. Па-першае, агульны трывожны фон — у Беларусі пастаянна кагосьці затрымліваюць, у суседняй краіне ідзе вайна. Па-другое, падлетак чуе, пра што кажуць дарослыя. Дапусцім, яны абмяркоўваюць нейкія кепскія навіны, затрыманні, бацькі проста сварацца — у сям'і неспакойна. Акрамя таго, нешта адбываецца ў яго паўсядзённым жыцці. Напрыклад, сябар ці сяброўка раптам сыходзіць са школы, бо сям'я вымушаная эміграваць, ці любыя іншыя праблемы.

Как подготовиться к ЦТ за месяц и не сойти с ума. Советы педагога и психолога
Першае сур'ёзнае выпрабаванне / unsplash.com

За мяжой — таксама экзамены

Вікторыя звяртае ўвагу на тое, што экзамены школьнікі здаюць як у Беларусі, так і ў эміграцыі. Таты і мамы, якія звезлі дзяцей з краіны, павінныя разумець, наколькі моцна і раптоўна змянілася іх жыццё. У такой сітуацыі важна больш камунікаваць з падлеткамі, быць з імі ў камандзе, не забываючы, што іх школьныя сябры засталіся дома.

Важна ні ў якім разе не патрабаваць ад дзяцей тых жа добрых вынікаў, на якія яны былі здольныя на радзіме. Паводле суразмоўніцы, на жаль, не ўсе бацькі, якія з'ехалі за мяжу, гэта разумеюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі