Беларускім студэнтам у Польшчы пачалі адмаўляць у візах — СМІ

Віза, ілюстрацыйнае фота

Віза, ілюстрацыйнае фота / immigranthouse.com

Беларускім студэнтам у Польшчы пачалі адмаўляць у візах для навучання. Сайт Hrodna.life піша, што вядома пра шэсць такіх выпадкаў.

У адным з візавых агенцтваў Мінска студэнтам пацвердзілі, што выпадкі адмовы па студэнцкіх візах апошнім часам сталі больш частымі. З чым гэта звязана, пакуль невядома. У МЗС Польшчы адмовіліся каментаваць сітуацыю па тэлефоне і прапанавалі даслаць пытанні на электронную пошту.

Акрамя адмоваў студэнты сутыкнуліся са скарачэннем тэрмінаў, на якія выдаецца віза. Трэцякурсніца польскай ВНУ Ганна ўлетку 2023-га атрымала візу на паўгода, хаця раней заўжды выдавалі візу на год. Дзяўчына рыхтавалася падаваць дакументы на падаўжэнне студэнцкай візы ў Гродне 15 сакавіка 2024 года.

"У дэканат майго ўніверсітэта затэлефанавалі з нейкага польскага міністэрства, адкуль канкрэтна — не ўдакладнілі. Пыталіся, ці вучуся я наогул. Дэканат ім нічога не адказаў, бо не было афіцыйнага запыту. А праз тыдзень мне поштай у Мінск прыйшоў пашпарт. Візы ў ім не аказалася, мне было адмоўлена па пункце 10 (рашэння аб адмове ў выдачы нацыянальнай візы — Hrodna.life). Што менавіта гэта за пункт, я разабралася ўжо потым. Цяпер многім студэнтам па гэтым пункце адмаўляюць. Адмова была ад МЗС Польшчы", — расказвае дзяўчына.

У пункце 10, на які спаслаліся чыноўнікі, гаворыцца: "Існуюць абгрунтаваныя сумневы наконт вашага намеру пакінуць тэрыторыю Польшчы перад заканчэннем тэрміну візы". Таксама ў ім выказваюцца сумневы ў дакладнасці пададзеных звестак пра мэты і ўмовы меркаванага знаходжання.

Па словах дзяўчыны, польскае МЗС не даслала афіцыйны запыт ва ўніверсітэт, а без гэтага ВНУ не мае права выдаваць якую-небудзь інфармацыю. "Хутчэй за ўсё, мне было адмоўлена менавіта таму, хоць пры падачы дакументаў у Гродна я прыклала афіцыйнае пацверджанне майго статусу студэнта з пячаткамі ўніверсітэта. Яно было аформлена адразу пасля здачы сесіі. Раней такога дакумента было дастаткова", — дадае Ганна.

Дзяўчына падала апеляцыю і затэлефанавала ва ўніверсітэт, каб адтуль даслалі афіцыйныя лісты з пацвярджэннем, што яна працягвае навучанне. Візу ёй адкрылі праз два тыдні, але зноў на паўгода — толькі да 30 верасня.

Як піша Hrodna.life, апошнім часам праблемы з атрыманнем візаў адчуваюць не толькі студэнты. Больш складана стала атрымліваць турыстычныя шэнгенскія візы паломніцкім групам, цяжэй стала дамаўляцца з консулам на падачу дакументаў па карце паляка непасрэдна ў консульства — адтуль адпраўляюць у візавы цэнтр.

Магчыма, гэта звязана з візавым скандалам, які здарыўся ў Польшчы ўвосень 2023 года. Частку супрацоўнікаў польскага МЗС абвінавацілі ў продажы віз грамадзянам трэціх краін. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі