Не давярайце ўсяму, што пішуць. Хімік тлумачыць, як правільна выбраць SPF

“Калі этылгексіл метаксіцынамат — адзіны фотапратэктар, а напісана, што крэм абараняе ад “broad spectrum”, вам хлусяць”.

“Калі этылгексіл метаксіцынамат — адзіны фотапратэктар, а напісана, што крэм абараняе ад “broad spectrum”, вам хлусяць”. / pixabay

Беларусам варта падумаць пра… сіесту, кажа навуковец і вядомейшы беларускі папулярызатар хіміі Сяргей Бесараб. Клімат змяняецца, таму нам варта прыгледзецца да таго, як жывуць іспанцы і італьянцы. І таксама, як яны, паменей бадзяцца па вуліцах апоўдні.

Але калі ўжо гарачае сонца заспела вас на вуліцы, дык паклапаціцеся пра добрую абарону ад яго. Мы распыталі Бесараба, як правільна выбраць крэм SPF і як яшчэ можна абараніцца ад ультрафіялету.

 

Што мусіць быць напісанае на бутэлечцы з крэмам ад загара?

— Паўсюль кажуць, маўляў, сонца стала “актыўным”. Гэта ўвогуле што значыць?

— Актыўнае сонца — гэта хутэчй астрафізічнае вызначэнне. Гаворка пра актыўнасць унутраных працэсаў на Сонцы. Як любы астранамічны аб’ект, яно жыве, і ў яго ёсць цыклы актыўнасці. У гэтым сэнсе Сонца не надта адрозніваецца ад чалавека.

Перыяды актыўнасці Сонца часцей за ўсё апісваюцца 11-гадовым цыклам. І чарговы такі цыкл прыходзіцца на гэтыя “грымучыя 20-я”. На 2024-2025 гады як раз прыпадае сярэдзіна, кульмінацыя цыкла. Геамагнітная бура, якая здарылася колькі дзён таму (трэцяя па магутнасці з тых, што былі зафіксаваныя чалавецтвам) таксама звязаная з 11-гадовым цыклам актыўнасці Сонца.

Не давярайце ўсяму, што пішуць. Хімік тлумачыць, як правільна выбраць SPF
Крэм з абаронай ад сонца / pixabay

Я горны турыст. А знаемыя альпіністы заўжды казалі, што карыстаюцца менавіта такім тыпам крэмаў. А некаторыя нават рабілі іх самастойна, бо альпіністамі часта становяцца менавіта навукоўцы, у якіх ёсць доступ да лабараторый. І вось яны рабілі крэм на гусіным тлушчы, дадаючы да яго аксід тытану, волава ці цынку. Калі знайсці аналогіі са звычайнага жыцця, то гэта папросту белыя пігменты, якія выкарыстоўваюць мастакі. Ну вось і я з тых часоў неяк прызвычаіўся да такога тыпу абароны ад сонца.

Крэмы такога тыпу могуць выглядаць на твары не “лакшэры”, яны пакідаюць белыя разводы. Але ў гарах няма розніцы, як ты выглядаеш, галоўнае — захаваць скуру.

Крэмы з хімічнай абаронай выглядаюць на твары прыгажэй. Як яны працуюць? Гэтыя крэмы ўтрымліваюць велізарную колькасць арганічных рэчываў (а ў асноўным там заўседы маецца бензолавае кальцо і звязаная з ім карбанільная група). Узбуджаныя электроны бензолавага кальца паглынаюць выпраменьванне.

Падабраць такі крэм складаней. То лепей бярыце крэм з фізічнай абаронай. Будзеце выглядаць не так шляхетна, з белымі палоскамі на твары. Але жанчын любяць не за палоскі.

— Не, чакайце. А калі мне ўсё ж хочацца выглядаць шляхетна? Ці магчыма разабрацца самой з гэтымі крэмамі — ці наўпрост з крамы пісаць вам у канал?

— Пісаць мне.

Ладна, глядзіце. Знайдзіце ў складзе крэма фотапратэктар. Пасля пішыце ў гугле назву рэчыва і шукайце пашпарт бяспекі на гэтае рэчыва, так званы MSDS. Там будзе напісана, што гэта фотапратэктар для гэткай ці гэткай даўжыні хвалі. Пасля вам трэба будзе вылічыць даўжыню хвалі ў вашай лакацыі і ў той час, калі вы часцей бываеце на вуліцы, улічыць свой тып скуры… Карацей, лепш пішыце мне у Patreon ды задавайце пытанне па сваей канкрэтнай касметыцы. У абмеркаваннях да артыкулаў чытачы часцей менавіта гэтым і займаюцца.

Не давярайце ўсяму, што пішуць. Хімік тлумачыць, як правільна выбраць SPF
Абарона ад сонца / Unsplash

І не давярайце ўсяму, што пішуць на бутэлечцы. Напрыклад, самы распаўсюджаны касметычны фотапратэктар — этылгексіл метаксіцынамат. Ён выкарыстоўваецца і ў кандыцыянерах для валасоў, і ў крэмах для твару. І абараняе ад хвалі даўжынёй максімум 310 нанаметраў. Ён можа абараняць ад UVA. Калі гэта адзіны фотапратэктар у складзе крэма, прытым на бутэлечцы напісана, што ён абараняе ад “broad spectrum”, то-бок, дае поўную абарону, значыць, вам хлусяць.

Нядаўна я параўноўваў самы танны кандыцыянер для валос з самым дарагім. Дык аказалася, што іх склад амаль не адрозніваецца. Але ж з крэмам іншая справа: хутчэй за ўсё дарагі абароніць вас акурат ад “брод спектрум”, а самы танны будзе адначасова і самым просценькім.

Лепш за ўсё, калі крэм спалучае ў сабе і арганічныя сродкі абароны, і неарганічныя.

Дарэчы, лепей гэтыя рэчывы не замаўляць анлайн, таму што часам склад, указаны на сайце, не супадае з тым, які напісаны на бутэлечцы. Таму пераправярайце.

 

“Рабіце сабе сіесты”

— Як выбралі правільны крэм, можна спакойна праводзіць гадзіны на сонцы?

— Я ўвесь час кажу: рабіце сабе сіесты. Не цягайцеся апоўдні па горадзе, пераймайце вопыт паўднёвых народаў. Праз змены клімату нам трэба да гэтага прызвычайвацца.

І заўсёды кажу сябрам, што галоўнае, пра што яны павінны дбаць летам, — вочы. У інфармацыйным грамадстве мы 90% інфармацыі атрымліваем праз вочы, і гэта найбольш уразлівая частка чалавечага цела. Правільна падбірайце акуляры. Шмат якія з іх не абараняюць ад сонца. Проста зацямненне яшчэ нічога не азначае.

У сучасным горадзе шмат паверхняў, якія адлюстроўваюць ультрафіялет — усе гэтыя бліскучыя матэрыялы, вывескі. Свет трапляе ў вочы не па прамой, а знізу і збоку. Таму калі акуляры не прылягаюць да твару, яны не выратуюць вочы.

Не давярайце ўсяму, што пішуць. Хімік тлумачыць, як правільна выбраць SPF
Акуляры / Unsplash

Як зразумець, ці абараняюць акуляры ад сонечнага святла? Набудзьце лак, які свеціцца пад ультрафіялетам, і дадайце кропельку на паперку. Далей вазьміце самы танны ліхтарык, які свеціць ультрафіялетам. Памясціце з аднаго боку ад акуляраў паперу з кропляй лаку, з іншага свяціце ліхтарыкам. І калі лак будзе свяціцца, значыць, вашыя акуляры прапускаюць ультрафіялет. Выбіраючы акуляры трэба абавязкова шукаць на іх нешта накшталт надпісу “UV400 Сat. 3” ці “UV400 Сat.4”. Апошнія часцей выкарыстоўваюць альпіністы і горныя турысты.

Што яшчэ? Абараняйце валасы. Меланін, які адказвае за колер валасоў, выступае і як фотапратэктар. То-бок, не дапускайце выгарання валасоў, бо гэта ў выніку прыядзе да дэструкцыі унутранага каркасу, а потым і да абламвання.

Валасы могуць быць па-рознаму пашкоджаныя ў залежнасці ад тыпу ўльтрафіялету. Могуць пашкоджвацца бялкі, а можа губляцца колер. За выгаранне валасоў адказвае доўгахвалёвы ўльтрафіялет (UVA), а сярэднехвалёвы (UVB)  знішчае бялкі, і тады валасы становяцца больш ломкімі.

Вядома, лепш за ўсё вас абароняць розныя галаўныя ўборы, капялюшыкі, парасонікі — але не ўсім гэта зручна. Таму варта наносіць кандыцыянер, які ўжо месціць фотапратэктар.

Да таго ж праз сёняшнія велізарныя ўзроўні інсаляцыі і сонечнай радыяцыі я негатыўна стаўлюся да адкрытых цішотак, асабліва калі людзі не выкарыстоўваюць сродкі дадатковай абароны, крэмы. Зараз з’явіўся і набірае папулярнасць у свеце такі трэнд, як адзенне з фотопаратэкстарнымі уласцівасцямі, ці так званае UPF-адзенне. Праўда каштуе яно не танна.

— Добра, я абаранілася ад сонца. А ці не абароніць мяне гэта дадаткова ад вітаміна D? Мы ж так чакалі цяпла, каб нарэшце атрымаць яго ад сонца!

— А навошта ён вам патрэбны? Гэты вітамін цяпер паўсюль. Я не ведаю, дзе трэба жыць, каб атрымаць недахоп. Ён ва ўсіх БАДах, яго лёгка атрымаць праз ежу.

І, дарэчы, крэмы, якія абараняюць ад UVA, наадварот, стымулююць выпрацоўку вітаміна D, бо дзякуючы ім вам перадаецца большая частка энергіі ад UVB. Вось такая хітрая сістэма. Таму можаце не турбавацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі